ДЫХА́ННЕ РАСЛІ́Н,
працэс акісляльнага распаду вугляводаў (або інш. дыхальных субстратаў) да дыяксіду вугляроду (CO2) і вады, які ідзе з паглынаннем кіслароду. Пры гэтым вызваляецца энергія, што раней назапашваецца пры фотасінтэзе, і выкарыстоўваецца на ўтварэнне багатых энергіяй злучэнняў (часцей у форме АТФ). У ніжэйшых раслін абмен газаў пры дыханні ідзе шляхам дыфузіі праз паверхню клетак, у вышэйшых раслін — праз міжклетнікі, якія пранізваюць усё цела. Найб. інтэнсіўнасцю дыхання вызначаюцца маладыя, хутка растучыя органы і тканкі. У расліны найб. актыўна дыхаюць рэпрадукцыйныя органы, потым лісце, слабей — сцёблы і карані. З заканчэннем перыяду актыўнага росту Д.р. аслабляецца, што звязана з працэсамі старэння пратаплазмы.
т. 6, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)